ТВО́РЧЫ САЮ́З,

грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў, якія сваімі дасягненнямі зрабілі ўклад у развіццё культуры, мастацтва і інш. культ. творчай дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь ствараецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для задавальнення іх духоўных або інш. нематэрыяльных патрэб. Прававымі крыніцамі Т.с. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб творчых саюзах і творчых работніках» ад 16.12.1999 і інш. заканадаўчыя акты. Членамі (удзельнікамі) Т.с. могуць быць фіз. асобы, якія займаюцца культ. творчай дзейнасцю або прадстаўляюць пэўную творчую прафесію. Умовы і парадак прыёму ў члены Т.с. вызначаюцца статутам Т.с. Ствараюцца і дзейнічаюць Т.с. на прынцыпах добраахвотнасці, незалежнасці, самакіравання і галоснасці, яны незалежныя ў сваёй дзейнасці ад паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржава рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы культурнай творчай дзейнасці, садзейнічае стварэнню спрыяльных умоў для забеспячэння і папулярызацыі дзейнасці Т.с., пашырэнню іх міжнар. сувязей. Найб. вядомыя і масавыя бел. Т.с.: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз кампазітараў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, Саюз журналістаў Беларусі і інш.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)